24 ноя / 2017
24 ноя / 2017
БРЕСТ
БРЕСТ
БРЕСТ
«Беларусь – гэта папараць-кветка між тэктанічных пліт»

12 ноября 2016

манах2Сын славутага скульптара Андрэя Бембеля, аўтара галоўнай скульптуры мемарыяла Брэсцкай крэпасці, якая не была ўхвалена і мадэль якой захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, аб веры, вечнасці і яго жыцці ў Жыровіцкім манастыры

Манах Іаан (у міру Алег Андрэевіч Бембель) – рэдактар лістка «Жыровіцкая абіцель», натхніцель літаб’яднання «Крэсіва». І яшчэ аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, якія выдаў пад псеўданімам Зьніч, і чатырох кніг, дзе сабраныя ўсе яго папярэднія творы і шмат што з гісторыі знакамітай сям’і. Па крутых, драўляных і сцёртых прыступках Успенскага сабора мы падымаемся з ім наверх. Часам у паўзмроку даводзіцца шукаць апору ў каменнай сцяне, якой – падумаць толькі! – каля трох вякоў. Далей клірас, адкуль у час літургіі на ўсе Жыровіцы разліваецца магутны спеў хору семінарыстаў. А за ім – куточак, прыстасаваны пад невялічкую кнігарню манастыра. Айцец Іаан, які тут працуе звычайна са сваімі памочнікамі з ліку слонімскай інтэлігенцыі, папярэджвае, што сёння ў мяне такое паслушанне – новыя кнігі фальцаваць. За гэтым заняткам мы і размаўляем з манахам, філосафам, музыкантам і паэтам пра лёс яго і Айчыны.

манах3

Паміж інквізітарам і Хрыстом

– Я быў вельмі бунтоўным па натуры, не ўпісваўся ні ў якія структуры. То адтуль, то адтуль мяне выцісквалі, пакуль я трапіў сюды. І вось я тут, як у раю.

А што стала лёсавызначальным момантам, які падзяліў жыццё на «да» і «пасля»?

– Мне было 17 гадоў. Гэта пе­рыяд паміж сярэдняй школай і энергафакам палітэхнічнага інстытута. Мая цётачка Анастасія літаральна гвалтам прымусіла мяне чытаць «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага. Яна сказала: «Першыя 60-70 старонак будзеш з натугай чытаць, але перасіль сябе – і далей не адарвешся». Так яно і было: тыдзень напралёт, дні і ночы, без адрыву чытаў. Легенда пра вялікага інквізітара стала пераломным, вызначальным момантам на ўсё астатняе жыццё. Пасля гэтага, можа з дзесятак гадоў прайшло, Чынгіз Айтматаў напісаў «Буранны палустанак». Ён гэтым раманам выклік самому Дастаеўскаму зрабіў. Там у яго ёсць легенда пра манкурта. Як легенда пра вялікага інквізітара – ядро ўсяго светаадчування Дастаеўскага і наогул лёсу ўсёй хрысціянскай Еўропы, так і ў легендзе пра манкурта Айтматаў сканцэнтраваў сутнасць, калізіі роду чалавечага ў канцы XX стагоддзя. Гэтыя два яркія ключавыя моманты (у дадатак да Нагорнай пропаведзі Хрыста і зямнога шляху Збавіцеля) сфарміравалі ядро майго светаўспрымання. Дарэчы, мая цётачка Анастасія, да якой я з малых гадоў цягнуўся, фактычна была маім выхавацелем. У 20-я гады яна была студэнткай Інстытута імя Лесгафта ў Піцеры і за наведванне рэлігійна-філасофскага гуртка тры гады адбывала ссылку ў Архангельскай губерні.

Люфт свабоды

манах4А Ваш бацька быў атэістам?

– Бацька вельмі мудра мяне выхоўваў. Ён з глыбока рэлігійнай сям’і, да бязбожнага перавароту 1917 года спяваў на клірасе. А потым яго захапіла гэтая камсамольская вакханалія, і ён ад шчырага сэрца ўспрыняў новую ідэалогію. Ён належаў да наменклатуры, быў членам ЦК. А да маіх выбрыкаў ставіўся спакойна. Казаў мне: «Да 30-ці вы ўсе падшыванцы, і толькі пасля з вамі можна аб чымсьці гаварыць». А потым, калі я пад уплывам Дастаеўскага пачаў пісаць палымяныя памфлеты (я ж мучыў блізкіх: чытайце, мне адкрылася ісціна), бацька казаў: «Ты бз-ш, а думаеш, што адбыўся выбух атамнай бомбы». І смяяўся.

У бацькавых застоллях збіралася ўся мінская шляхта: і скамарохі, як ён называў артыстаў, і літаратары, мастакі. Калі яны бралі не па пяцьдзесят грамаў, а спаборнічалі, хто не зваліцца пад стол, дык бацька мой заўсёды ў фінал выходзіў. Гэта былі не тыя партыйцы, а вясковыя хрышчоныя хлопцы, якія вайну прайшлі. З той пары я думаў: калі мая цётачка, прыхільніца хрысціянскага камунізма, сядзіць за адным сталом з бацькам, дык чаму царква і партыя не могуць паразумецца? Хай партыя будуе справядлівы лад грамадства, а царква клапоціцца душой народа.

Тое, што я фарміраваўся паміж такімі яркімі асобамі, давала мне люфт свабоды.

Паэма закінутай душы 

Бацька не баяўся за Вас?..

– У яго ж траіх дзядзькоў у 37-м рэпрэсіравалі як кулакоў, таму ён вельмі асцерагаўся. З другога боку, маю свабоду не бурыў. Дзе мог, абараняў. Праўда, былі пстрычкі з боку бязбожнікаў, ад якіх і бацька не мог абараніць. Быў ён аднойчы бледны, як палатно.

У 1964 годзе я напісаў «Паэму кахання», белым вершам. У той час на царкву зноў пачаліся ганенні, толькі саджалі не ў турму, а ў псіхушкі. Твор адкрыта прысвячаўся Іісусу Хрысту, Сыну Чалавечаму. Аб тым, як душа спасцігае свет, у які яна закінута. У прадмове да паэмы была гутарка маладога чалавека з «маленькім інквізітарам». Твор пачаў хадзіць па руках. Урэшце бацьку паклікалі: «Андрэй Ануфрыевіч, мы Вас паважаем, але Ваш сын дайшоў да такога рубяжу, калі выбар адзін» (паказвае – турма ці псіхушка). Бацька прыйшоў бледны, я яго такім ніколі не бачыў. Мы прыйшлі да згоды, што мне варта адпачыць і палячыцца пад наглядам маёй мачахі Марыі Вікенцьеўны, якая была прафесарам медыцыны. Усё вылілася ў вельмі сур’ёзную хіміятэрапію. Бацька ўбачыў, што я з жывога нармальнага чалавека пачаў ператварацца ў абыякавую істоту, і пад сваю адказнасць узяў адтуль. Тады я з’ехаў з Менска да сяброў у падмаскоўную Тарусу. Перавёўся на завочнае аддзяленне кансерваторыі і выкладаў музыку.

Сілуэт крыжа

крыжШто ў творчасці скульптара Андрэя Бембеля Вас найбольш уражвае?

– З Брэсцкай крэпасцю што адбылося. Аўтар скульптуры «Мужнасць» (галава воіна) – маскоўскі скульптар Кібальнікаў. Бацька ж хацеў, каб на фоне рассечанай зоркі ля ўвахода быў сілуэт крыжа. 18-метровая фігура воіна з гранатай (ён падае, галава нахілена) – выглядае як распяцце. «Век дваццаты ўзыхо­дзіць на крыж» – вось якая ідэя была. Нашым партыйным кіраўнікам спадабалася, але забаяліся Масквы. У канчатковым варыянце прайшоў праект Кібальнікава. А бацькава мадэль з бронзы ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску.

Да юбілею я прысвяціў бацьку такія радкі:

«Позірк маці-Радзімы горкі. 
Блаславеннем сумным маўчыш. 
А праз цела рассечанай зоркі 
Век дваццаты ўзыходзіць на крыж».

Яго статуя «Беларусь» на ВДНГ у Маскве – жанчына са снапом, сілуэт крыжа там яўны. Там яна стаяла многа гадоў і была сімвалам Беларусі. Уражвае скульптура Гастэлы. Там твар такі... Зямное і нябёснае, трагедыя і страшны суд. Гасподзь даў такое натхненне.

Немарксісцкі дармаед

манах5– У пэўны момант я захапіўся філасофіяй. Паступіў у аспірантуру па спецыяльнасці «гісторыя філасофіі». Менавіта бацька падказаў тэму дысертацыі: праблема нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў духоўнай культуры. Яе гадоў пяць «адфутбольвалі» ад адной спецыялізацыі да другой (яна напісана «на стыку»). А потым манаграфія выйшла асобнай кнігай у Лондане. Тады даручылі вучонаму савету Акадэміі навук даць экспертную ацэнку. Была прапанова прызнаць кнігу «антысавецкай». А гэта азначае 58 артыкул Крымінальнага Кодэкса (выраб, захаванне і распаўсюджванне антысавецкіх матэрыялаў). Але дырэктар Інстытута філасофіі Яўген Бабосаў прапанаваў больш мяккую фармуліроўку: кваліфікаваць кнігу як немарксісцкую і нацыяналістычную». I тым уратаваў мяне ад 58-га артыкула. Пазней мяне пагналі і з Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра імя Францыска Скарыны. І я мог трапіць пад артыкул за дармаедства. Але пасля Лондана ў Нью-Ёрку надрукавалі маю кніжку вершаў «Рэха малітвы», а ў Беластоку – «Санату ростані». І мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў.

А ганарары за тыя кніжкі атрымалі?

– Прафесар Лонданскага універсітэта, адзін з маіх выдаўцоў Джым Дзінглі, прывёз мне аднойчы ганарар. Я не ведаю, колькі там было грошай. Зрабіў ахвяру на царкву. Джыма гэта, дарэчы, уразіла.

Вы ж яшчэ апынуліся фактычна на вуліцы?..

– Крыніц існавання не было. Ды яшчэ «добрыя людзі» паклалі вока на бацькаў дом-майстэрню на вуліцы Якуба Коласа. Кавалак зямлі фактычна ў цэнтры Менска, сад, двухпавярховы дом-майстэрня. Я там застаўся жыць. Бацька адышоў да Госпада акурат пасля выхаду кніжкі ў Лондане. Пяць гадоў доўжыўся судовы працэс. І Быкаў, і Брыль мяне падтрымлівалі, і Панчанка. У рэшце рэшт маю старэйшую сястрычку спакусілі ідэяй, што створаць там музей сучаснай беларускай скульптуры. Аднак цяпер там праўленне Саюза мастакоў, дзе бацькава спальня была – кабінет старшыні, а майстэрню ператварылі ў склад папер. Знялі шыльду «Музей сучаснай беларускай скульптуры імя Андрэя Бембеля».

манах6

Грэх моўны

Вы цудоўна гаворыце па-беларуску. Адкуль гэта?

– Мая вясковая бабуля, родам з-пад Гомеля, пэўны час жыла ў нас у Менску. Я быў малы яшчэ, і чуў, як яна малілася: «Госпадзі, спасі і памілуй дзетак, унучыкаў і Андрэя Анухравіча (гэта значыць, майго бацьку)». Я за пуп браўся ад смеху: цёмная бабуля моліцца, што з яе возьмеш, яшчэ мова такая. А бабуля толькі на такой мове і магла гаварыць. А потым адчуў грэх, калі з праблемай мовы сутыкнуўся. Калі жыў у Тарусе, меў зносіны з рускімі пісьменнікамі, элітай. Яны кажуць: «Ты з Беларусі, пагавары з намі па-беларуску». А я не магу: у школе добра ведаў мову, а потым не карыстаўся. І стала сорамна. Успамінаў Багдановіча, як ён ішоў да беларушчыны, Шапэна, як ён жыў у Францыі і ў яго шчымела сэрца па Польшчы.

І калі я адчуў свой грэх моўны, нацыянальны – пакаянне надышло. І ўсё, ніякіх праблем. Я пачаў дысертацыю адразу па-беларуску пісаць, размаўляць пачаў памаленьку, калі ў акадэмічны асяродак трапіў. Спачатку бэкаў-мэкаў, але самае няпростае было ў сям’і. Родныя лічылі, маўляў, ён зноў выкаблучваецца: то богашукальніцтвам заняўся, то мовай. Але потым памаленьку прывыклі і кажуць: «Слухай, у цябе някепска атрымліваецца. Каб мы так умелі, дык і мы б гаварылі». Таму ніхто не вінаваты «звонку». Вінаваты кожны сам найперш. Гэты грэх трэба адчуць, пакаяцца. Сцяжаць дух мірны, зразумець сэнс не зямной гісторыі беларускай, а сэнс метагісторыі (як цяпер прынята казаць), Божы промысел у гісторыі. Гісторыя фактаграфічная – гэта арыфметыка, яна мяняецца. Гэта канкрэтныя лічбы, пакаленні, прозвішчы. А Божы промысел застаецца над кожным племенем і над усім родам грэшным. Беларусь – гэта папараць-кветка між тэктанічных пліт. Толькі Божым цудам яна трымаецца. Яна ўжо даўно павінна быць сцёрта без следу, а яна жывая. 

«Як трывога – дык да Бога»

Тое, што адбылося з Вамі, таксама цудам можна лічыць...

– Той самы цуд і з гэтым дзедам адбыўся. Я прыехаў у Жыровіцы па парадзе майго сябра, настаўніка семінарыі, з 1995 на 1996 Новы год. Калі сяброў ужо аб’ядаць няможна, калі ўсё на валасочку, і грошай няма. Ён кажа: «Ідзі на горку, дзе храм 1700-га года драўляны. Там магіла старца Іераніма. А ён казаў сваім чадам: «Калі я адыду да Госпада, прыходзьце да мяне на магілку, маліцеся, я буду памагаць. І вось я прыйшоў: «Ойча Іераніме, прыціснула жыццё з усіх бакоў. Памажы». Гэта быў вечар, цёмна. Я памаліўся, а назаўтра ранняя літургія ў Нікольскім храме. І вось пасля літургіі ўсе разышліся і застаўся старац Мітрафан. А ён былы келейнік старца Іераніма (гэтыя два самыя знакамітыя старцы зараз пахаваны тут за Крыжаўзвіжанскім храмам). Тады пасля багаслужэння нейкая сіла мяне да яго пацягнула. Я кажу: «Я без духаўніка. Вазьміце мяне ў чады. А ён і кажа: «Держись монастыря. Ты по натуре монах, который время от времени впадал в блуд». Ён у самую кропачку трапіў. Калі даведаўся, што я літаратар, даў даручэнне памножыць зачытаны стары асобнік – «Жыціе старца Іераніма». Праз паўгода, перад канцом Пятроўскага паста, я прывёз «Жыціе». Прыехаў усяго на тры дні і менавіта тады адчуў, што клопаты мірскія ніколі не закончацца. І вось ідзе ўжо трэці дзесятак, як я тут. 13 гадкоў быў інакам. А ў 2014 годзе прыняў пострыг манашаскі.

манах7

Малітва манаха

Жыццё манаха – якое яно?

– Распарадак у абіцелі падпарадкаваны Статуту, які вызначае для ўсіх насельнікаў (каля 40 манахаў і паслушнікаў) агульную працу, агульную малітву, трапезу... Паўся­дзённае жыццё манаха – у малітве і богаслужэнні. Калі я прыйшоў – нас восем чалавек у келлі было ў братнім корпусе (былым будынку семінарыі). Потым мы ўтрох, удвух жылі і гадкоў 15, як жыву адзін у асобным пакойчыку. Гэтага патрабуе маё паслушанне рэдактара манастырскага лістка «Жыровіцкая абіцель».

Манастырскі рэжым строгі. У 6 гадзін ранішняя малітва, у 7 літургія пачынаецца. Пасля літургіі сняданак, і з 9-ці да 17-ці – поўны рабочы дзень – паслушанне, з перапынкам на абед. У манастыры іканапісная, свечная і іншыя майстэрні, каля 1000 га сельскагаспадарчых угоддзяў. З 18-ці зноў богаслужэнне – да 20 ці 21 гадзіны. Пасля богаслужэння яшчэ манашаскае правіла – спецыяльныя каноны для манаха. З 10 да 11 вечара вольны час. У 11-ць – адбой, а ў 5.20 – зноў пад’ём (у святочныя дні пазней). Кажуць, адзін манах можа грахі ўсяго свайго роду вымаліць.

Пад колерамі Плашчаніцы

Вы прыхільнік бел-чырвона-белага сцяга...

– Мы – адзінае племя, якое мае нацыянальным сцягам колеры Хрыстовай плашчаніцы: бела-чырвона-белы. Тут менавіта белы кужаль, а на ім адбіта кроў Збаўцы. «Раскрыжаванне кат завершыў. Аблашчыў кужаль кроў жыцця. Так, плашчаніца – гэта першы мой бел-чырвона-белы сцяг». Дзяржаўныя сцягі могуць мяняцца залежна ад палітычнай сітуацыі. А пад нацыянальнымі сцягамі плямёны пойдуць і на Страшны суд. Дарэчы, колеры Хрыстовай плашчаніцы трэба заслужыць.

Вы – адзіны ў манастыры, хто гаворыць па-беларуску?

– Вучонае манашаства – апора царквы. На маіх вачах многія былыя семінарысты сталі архімандрытамі, епіскапамі і дактарамі багаслоўя. Цэлае пакаленне беларускай моладзі, пераважна вясковай, стала элітай духоўнай. Усе яны атрымліваюць бліскучую адукацыю, ведаюць еўрапейскія мовы – грэцкую, латынь. І па-беларуску са мной практычна ўсе размаўляюць. Дзякуючы камісіі па перакладу, якую стварыў Уладыка Філарэт, увесь чын богаслужэння перакладзены на беларускую мову, і ўсе чатыры Евангеллі.

Калі паства запатрабуе, яны ўсе гатовы весці богаслужэнне па-беларуску.

Ад фартэпіяна Вы ўжо адвыклі?

– Хадзем у семінарыю, там ёсць інструмент, сыграю што-небудзь па старой памяці. Напрыклад, гімн «Вяртанне да шляхотнай Беларусі». Здагадайся, хто аўтар?..

манах8

Антонина Хокимова

1802
4
таксама былы бунтоўны
14.11.2016 21:00
ответить ответить с цитатой
Яшчэ як бывае! Ведаю па свайму ўласнаму досведу.
Александр
14.11.2016 16:57
ответить ответить с цитатой
какой Человек ....
Людмила
13.11.2016 17:34
ответить ответить с цитатой
Ответ пользователю Калян
Калян! ...і трапіў у... манастыр. прабачце, але так не бывае. А я поверю, что бывает - собственный пример - комсомолка, спортсменка и т.д. А теперь: стихи - "Перед иконой Божьей матери", "Брестской Библии" и т.п. оно пришло само, как и вера в Бога и храм. Так, что я очень верю, что бывает. С уважением Людмила.
Калян
13.11.2016 11:51
ответить ответить с цитатой
"– Я быў вельмі бунтоўным па натуры, не ўпісваўся ні ў якія структуры. То адтуль, то адтуль мяне выцісквалі, пакуль я трапіў сюды. І вось я тут, як у раю." нейкая супярэчнасць тут ці нават недарэчнасць. быў бунтоўным і трапіў у... манастыр. прабачце, але так не бывае.
Появилась перспектива оснастить областную библиотеку им. М. Горького надстройкой,...
1244
1
Алла Михайловна Мяснянкина, заместитель директора по научной работе Брестской...
1765
0
Литературные чтения с участием авторов из Германии для Недель немецкого языка и...
1177
0
11 кастрычніка на Беларусі распачаўся новы сацыяльны праект «Чытаем па-беларуску з...
687
0
На АЗС какой сети вы предпочитаете заправляться, исходя из качества топлива?










Ответить
usd 2 2.01
eur 2.36 2.38
rur 3.38 3.44
+выбрать лучший курс
Авторизация
E-mail:
Пароль:
Заказать звонок
Ваше имя:
Телефон:
Удобное время для звонка:
Отправить
Вы используете устаревший браузер.
Чтобы использовать все возможности сайта, загрузите и установите один из этих браузеров:
mozilla chrome opera safari