На першае сакавіка прыпадае дзень нараджэння мастака Міколы Маеўскага з пушчанскае вёскі Дварцы. У 2010-м ён святкуе сваё 60-годдзе. Ягоная маці, Надзея Уладзіміраўна, з роду Шахалевічаў, з другое пушчанскае вёскі Ясень, дзе яе бацька быў на пасадзе зубровага.
Род Міколавага бацькі, Аляксея Кірылавіча, паходзіць з-за Віслы, калі ягоны прадзед стаў асаднікам у Белавежы, ажаніўся з сялянкай, а праз некаторы час назаўсёды атабарыўся ў Дварцах. Менавіта тут нарадзіліся першыя Міколавы малюнкі. Найперш падахвочваў сына да малявання бацька, рукасты да ўсякага рамяства чалавек, франтавік, пчаляр, а вось першыя ў жыцці мастака фарбы і пэндзаль купіла мама.
У адным з інтэрв’ю М. Маеўскі сказаў: «Не магу пагадзіцца з аўтарам папулярнай песні: «Каб любіць Беларусь… трэба ў розных краях пабываць». Проста аднойчы трэба нарадзіцца тут, каб на ўсё жыццё палюбіць яе. Мая Беларусь пачынаецца адсюль, з Камянеччыны, дзе ёсць два яркія сімвалы Радзімы: Белая Вежа – сімвал яе мужнай гісторыі – і Белавежская пушча – сімвал непераўзыдзенае красы яе прыроды». Гэтаму свайму крэда мастак застаецца верным і па сённяшні дзень. Мікола закончыў Дварцоўскую васьмігодку, сярэднюю школу ў Камянцы; прайшоў тэрміновую службу ў гогалеўскім Міргарадзе, адкуль дарога прывяла яго ў Ленінградскую мараходку; працаваў мараком на гандлёвых суднах, пабываў у краінах Еўропы і Азіі, Афрыкі і Амерыкі, нават у Аўстраліі. У тых далёкіх паходах Мікола не разлучаўся з эцюднікам і фарбамі.
У 1975 годзе М. Маеўскі становіцца навучэнцам Ленінградскага мастацкага вучылішча імя У.А. Сярова, дзе займаецца з поспехам, пра што сведчыць такі факт: паасобныя Міколавы працы экспануюцца ў Фондзе навучальнай установы. Пасля заканчэння вучылішча Мікола ў 1979 годзе вяртаецца ў Брэст, уладкоўваецца на працу ў Мастацкі фонд і… піша, становіцца ўдзельнікам выстаў – абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных, міжнародных. Набыткі прыходзяць у станкавым жывапісе, акварэлі, у жанрах лірычнага пейзажу, у манументальна-дэкаратыўным мастацтве.
У тыя часы адной з самых яркіх прац Міколы Маеўскага з’яўляўся нацюрморт «Лета. Мак» (быў прадстаўлены на Усесаюзнай выстаўцы, прысвечанай 40-годдзю Перамогі). Творчасць мастака была заўважана і высока ацэнена калегамі: у 1987-м Мікола Маеўскі становіцца членам Саюза мастакоў. На тыя ж гады прыпадае пленэрная дзейнасць мастака: Міжнародны пленэр да юбілею Напалеона Орды, прыватныя пленэры ў Беларусі і Польшчы. Тады ж мастак захоплена цікавіцца гісторыяй краіны, этнаграфіяй, археалогіяй. У прыватнасці, знаходзіць шэраг каменных магіл-курганоў яцвяжскага і славянскага паходжанняў, стварае асабісты музей-майстэрню. Прыходзіць зачараванне пляценнем саломкаю, ягоныя саломенныя павучкі, калядная зорка і сёння ўпрыгожваюць інтэр’еры абласнога краязнаўчага музея. Мікола становіцца адным з заснавальнікаў рэгіянальнай сябрыны «Край», дзе актыўна ўдзельнічае ў аднаўленні народных святаў - Купалля, Дзядоў, Каляд, робіць рэквізіты, касцюмы для гэтых абрадаў.
|
| Еще в этом разделе |
|
|
|
| Признание в любви Говорят, за год брестский фонарщик только вверх-вниз по своей лестнице «намотал» 14 километров. Вот вам и легкая работа! Заряд бодрости и хорошего настроения получили не только горожане, но и гости... |
|
| Игорь Корнелюк: «Имидж мне никто не создавал» Игорь Корнелюк – один из самых известных и успешных уроженцев города над Бугом на просторах СНГ. В номере, посвященном Дню города, мы печатаем интервью, которое корреспондент «Вечернего Бреста» взял... |
|
| Новости телекомпаний В августе зрители Первого увидят телеверсию XIX Республиканского фестиваля-конкурса моды и фото «Мельница моды-2010», сообщает пресс-служба Белтелерадиокомпании. Автор проекта Лариса Гулякевич... |
|
Асобна можна вылучыць вандроўкі мастака па Прыпяці як да Чарнобыля, так і пасля. Згадаем Міколава падарожжа на самаробным парусніку з мастаком Міхасём Кебецам ад Брэста да ягонай малой радзімы талашоўскага Петрыкава. Гэтае дзесяцідзённае падарожжа ўзбагаціць сяброў, знойдзе своеасаблівы водгук на палотнах. Вынікам стануць такія карціны М. Маеўскага, як «Рачныя кветкі», «Мой прыяцель вецер», «Краіна Палессе-88», «Палескія пустыні», «Піраміды фараонаў», «Краіна блакітных азёр», серыя пейзажаў: «Зіма. Белавежская пушча», «Вясна. Белавежская пушча», «Лета. Белавежская пушча», «Восень. Белавежская пушча», серыя нацюрмортаў «Поры года»: «Зіма. Хлеб», «Вясна. Раннія кветкі», «Лета. Рачныя кветкі», «Восень. Збажына», серыя «Старажытныя гарады Беларусі»: «Камянец-Літоўскі», «Мірскі замак», «Лідскі замак», «Давыд-Гарадок», «Пінск» і іншыя.
Багатым на творчыя здабыткі мастак згадвае пленэр з Міхасём Кебецам у Ружанах і Пружанах. Восем эцюдаў з ружанскага замка Сапегаў, напісаных Міколам, сёння захоўваюцца ў прыватных зборах па-за межамі краіны. Многае напісалася ў Пружанах – зялёны домік Рыгора Шырмы, старажытны палацык. Аднойчы Маеўскі ўдвух з Кебецам прыехалі ў Пружаны выбіраць месца для працы, былі здзіўлены пружанскімі – крылатым і бяскрылым – ветракамі і наколькі былі разгублены, калі на выхадныя прыехалі пісаць, а на месцы крылатага ветрака вецер развявае попел (мастак і сёння скрушна шкадуе аб такім прыкрым выпадку, адзінае, што яго суцяшае, паспелі ў перадапошні прыезд сфатаграваць пружанскую рэліквію). З тае ж вандроўкі мастакі прывезлі ў Брэст памяць: поўную шапку самаробных, рознага памеру, кованых цвікоў. На палотнах Міколы Маеўскага ўвекавечаны палац у Каштанаўцы, тамашні старадаўні парк, векавечныя дрэвы – дубы, ліпы, лістоўніцы, напаўсухая таполя, на якой раскашуюць буслы.
Давайце да гэтага пераліку творчых набыткаў Міколы Маеўскага дадамо працы манументальна-дэкаратыўнага характару для многіх прадпрыемстваў Брэста, Луцка, Пінска, для Белаазёрскай ГРЭС.
Асобнага слова патрабуе нацюрморт «Лета. Палявыя кветкі», на якім сціплыя, любоўна сабраныя мастаком палявыя кветкі і некранутыя, у час красавання жытнёвыя каласы дыхаюць сапраўднаю паэзіяй, выклікаюць непаўторнае шчымлівае пачуццё замілавання родным краем (нацюрморт карыстаўся поспехам на рэспубліканскай выставе памяці Максіма Багдановіча). Такога ж слова патрабуе і нацюрморт «Восень. Хлеб», які разам з другою працаю “Вясна. Раннія кветкі” экспанаваўся ў Маскве на ўсесаюзнай выставе «Зямля і людзі». У дасканала выпісаных, поўных цеплыні сцяблінах і каласах жыта, старым, спрацаваным сярпе, у шызавата-срэбраным нацыянальным каларыце адчуваецца эпічнасць, гімн працавітасці народа, роднай зямельцы і чалавеку на ёй.
Найбольшаю ўзнагародаю для кожнага мастака несумненна з’яўляецца розгалас ягоных прац. Для мастака Міколы Маеўскага – гэта музеі і прыватныя зборы ў мястэчках і гарадах Беларусі, у Германіі і Японіі, Францыі і Даніі, Польшчы і Швецыі, Ізраілі і Турцыі, Іспаніі і ЗША.
А што там наперадзе, за гарою?! Сённяшні дзень мастака Міколы Маеўскага найлепей характарызуе пункцір Алеся Разанава:
Дарога дадому… –
Усе дарогі,
якімі хадзіў і ездзіў,
убірае дарога дадому.
У бацькоўскай хаце, на родным падворку шукае мастак сваё натхненне, астывае з далёкіх і блізкіх дарог, каб неўзабаве на палотнах агучыць свой вырак.
Уладзімір Барысюк.
P.S. Рыхтуецца персанальная выстава работ Міколы Маеўскага, якая адкрыецца 15 сакавіка ў Брэсце ў Выставачнай зале на вул. Савецкай.